Читайте также:
|
|
Значны ўплыў на культурныя тэндэнцыі на Беларусі 1569-1795 гг. аказалі рэлігійныя працэсы (рэфармацыя і контррэфармацыя, царкоўная унія), пазнейшы эканамічны заняпад і палітычны крызіс.
У беларускай літаратуры таго перыяду летапісны жанр саступае месца новым напрамкам: публіцыстыцы, палітычнай сатыры, паэзіі, гісторыка-мемуарнай літаратуры. Пад уплывам рэфармацыі і контррэфармацыі з’яўляюцца публіцыстычныя творы С. Буднага, В. Цяпінскага, П. Скаргі, І. Пацея, М. Сматрыцкага, Л. Карповіча, братоў Зізаніяў. Адметнымі ўзорамі мемуарнай літаратуры становяцца дыярыушы - свецкія дзённікі. Прыкладам можа служыць “Дзённік” наваградскага падсудка Федара Еўлашоўскага (1546 - 1616), “Дыярыуш” А. Філіповіча (1597? - 1648), якія ярка апісваюць скандальныя і трагічныя падзеі гісторыі Бацькаўшчыны. У другой палове XVII - ХVIII стcт. мемуарыстыка становіцца шматмоўнай. Вялікую цікавасць выклікаюць уласныя ўспаміны аб шматлікіх падарожжах наваградскай лекаркі Саламеі Пільштыновай (Русецкай). Да ранняй эпісталярнай спадчыны адносяцца “Допісы” аршанскага старасты Філона Кміты-Чарнабыльскага (1530 - 1587), у якіх аўтар піша аб пагранічным жыцці, аб планах Івана ІV у адносінах да ВКЛ.
З канца ХVІ ст. ў еўрапейскай літаратуры і мастацтве вылучаецца стыль барока, які бярэ сабе на ўзбраенне каталіцкая царква ў барацьбе з рэфармацыйнымі плынямі. Ён характарызуецца кантраснасцю, параднасцю, рухавасцю формы, апеляцыяй да пачуццяў, супярэчлівасцю, метафарычнасцю. У літаратуры гэта праяўляецца ў з’яўленні “высокай” паэзіі, адметным прадстаўніком якой становіцца паэт і драматург, кнігавыдавец, асветнік і грамадскі дзеяч С. Полацкі (1629 - 1680). Найбольш значнымі яго творамі сталі зборнікі паэтычных твораў “Ветроград многоцветный” і “Рифмологион”. Новай для беларускай паэзіі стала палітычная сатыра (“Прамова Мялешкі”, “Ліст да Абуховіча”), якая высвятляе заганы тагачаснасга грамадства.
Значную ролю ў культурным жыцці грамадства ў гэты час стаў адыгрываць тэатр. Адным з першых на Беларусі стала батлейка - народны лялечны тэатр, вядомы яшчэ з ХVІ ст. Яе рэпертуар складаўся з 2 частак - кананічнай і свецкай. Прадстаўленне гэтага своеасаблівага “тэатра аднаго акцёра” складалася з песень, танцаў, дыялогаў і маналогаў. У ХVІІ ст. з развіццём школьнай адукацыі і драматургіі асобую ролю набывае школьны тэатр. У ім ставіліся п’есы як рэлігійнага і гістарычнага зместу, так і інтэрмедыі - кароценькія п’ескі на беларускай ці польскай мове, пантамімы, танцы, што выконваліся паміж дзеямі спектакля. Вядомы 24 дэкламацыі С. Полацкага, напісаныя ім для тэатраў брацкіх школ. Галоўным героем інтэрмедый стаў разумны і дасціпны беларускі селянін. У 1787 г. на змену традыцыйнай школьнай інтэрмедыі прыходзяць першыя драмы, напісаныя на беларускай народнай мове - “Камедыя” К. Марашэўскага і “Лекар міжволі” М. Цяцерскага.
У ХVІІІ ст. адметнай з’явай культуры становіцца прыгонны тэатр, трупа якога складалася пераважна з залежных сялян. Рэпертуар першага з іх - Нясвіжскага - складаўся першапачаткова з 16 п’ес і оперных лібрэта Уршулі Францішкі Радзівіл. У другой палове ХVІІІ ст. з’яўляюцца прыватныя тэатры ў Слоніме, Гародні, Шклове, Ружанах і інш. Пры іх утрымліваліся музычныя капэлы, аркестры. Для падрыхтоўкі артыстаў оперы і балета ствараліся балетныя школы (у Слоніме, Слуцку). На сто год раней, чым на Захадзе, на Беларусі пачалі скарыстоўваць у афармленні спектаклей павільёны. У 70-я гады ХVІІІ ст. працаваў “плавучы тэатр” на Агінскім канале. Беларускія акторы складалі аснову труп сталічных, у тым ліку Варшаўскага, тэатраў.
У другой палове ХVІ ст. барочны стыль пачынае ўсталёўвацца ў беларускай архітэктуры. Першым творам гэтага стылю стаў нясвіжскі касцёл езуітаў (архітэктар - італьянец Я.М. Бернардоні (1554-1593)), прататыпам якога стаў рымскі храм Іль Джэзу.
Значны ўплыў на развіццё беларускага іканапісу аказала уніяцтва. У дэкоры абразоў ужываўся раслінны арнамент фону, залачэнне, серабрэнне і часам аздабленне эмалямі; адчуваецца ўплыў рэнесансу і барока (“Ушэсце Хрыста” са Случчыны). Манументальны жывапіс таксама характарызуецца значным уплывам народных традыцый: пры роспісах храмаў выкарыстоўваўся мясцовы пейзаж, разнастайная палітра колераў, простанородныя персанажы (роспісы Богаяўленскага манастыра і Мікалаеўскай царквы ў Магілёве). У ХVІІ ст., з распаўсюджваннем у жывапісе барока, для храмавых роспісаў становяцца характэрнымі багаты ўзор, дынамізм кампазіцыі, прасторавасць, характарнасць і канкрэтнасць персанажаў (“Варвара пакутніца” з Лунінца, “Святая сям’я” з Гарадзеншчыны). Манументальны жывапіс не стаў традыцыйным для замкавай архітэктуры; праўда, некаторыя княжацкія палацы ўпрыгожваліся фрэскамі.
Папулярным відам станкавага жывапісу становіцца партрэт - “сармацкі” (Кшыштафа Весялоўскага, Януша Радзівіла), “парадны” (М.К. Агінскага), трунны (Аляксандра Пацея). Стылістычныя прыёмы партрэтнага жывапісу характарызуюцца скаванасцю позы, дакладнай перадачай дэталяў адзення і ўпрыгожванняў. Ствараліся радавыя галерэі (Тызенгаўза у Паставах, Тышкевічаў, Радзівілаў).
Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі характарызуецца з’яўленнем вытворчасці мастацкага шкла (першыя мануфактуры - у Налібаках і Урэччы), рэльефнай паліхромнай кафлі (у Маскве ёю былі аздоблены Пакроўскі сабор у Ізмайлаве, цэнтральны палац і царква ў Крамлі і інш.), слуцкіх паясоў. Своеасаблівым вынаходніцтвам беларускіх майстроў стала “беларуская рэзь” - манументальная дэкаратыўна-ажурная разьба на дрэве, якой аздабляліся храмы і палацы ў Маскоўскай дзяржаве ХVІІ ст. (іканастас Новадзявочага манастыра) - пышны раслінна-жывёльны арнамент з чалавечымі фігуркамі, пазалотай. Дарэчы, у Маскве выхадцы з Беларусі паклалі пачатак так званаму стылю “нарышкінскага” барока.
Пасля падпісання Люблінскай уніі (1569) уплыў Польшчы на беларускую культуру становіцца ўсё больш значны. Беларуская мова паступова выцясняецца, а ў 1696 г. сойм прымае пастанову аб ужыванні ў дзяржаўным справаводстве выключна польскай мовы. У пачатку ХVІІІ ст. былі зачынены амаль усе брацкія школы і друкарні. У кнігавыданні пачала пераважаць лацінка. Асноўным носьбітам беларускай мовы застаўся народ. Пашыралася паланізацыя і акаталічванне краю.
З апошняй чвэрці ХVІІІ ст. на беларускіх землях пачынаюць распаўсюджвацца ідэі Асветніцтва - антыфеадальнай буржуазнай ідэалогіі перыяду станаўлення капіталістычных адносін. Яна сцвярджала прыярытэт асветы, навукі і розуму ў жыцці грамадства, асобы і дзяржавы. Асаблівымі рысамі беларускага Асветніцтва можна назваць адсутнасць рашучага рэвалюцыйнага і матэрыялістычнага характару, арыентацыю на вырашэнне сялянскага пытання; носьбітамі ідэй асветніцтва сталі дваранства і духавенства. Беларуская літаратура ў гэты час развіваецца марудна; для яе характэрны полілінгвістычны характар.
Становішча культуры беларускіх зямель у складзе Рэчы Паспалітай было вельмі няпростым. Адыходзіць у нябыт “залаты век”, узмацняецца польскі ўплыў. Носьбітамі сапраўды беларускай мовы, культуры, традыцый становяцца сяляне і гарадскія нізы.
Дата добавления: 2015-01-30; просмотров: 100 | Поможем написать вашу работу | Нарушение авторских прав |